СТРУКТУ́РНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

сукупнасць поглядаў на мову і метады яе даследавання, у аснове якіх разуменне мовы як знакавай сістэмы з дакладна вылучанымі структурнымі элементамі (адзінкамі мовы, іх класамі і інш.) і імкненне да строга фармальнага яе апісання, што набліжаецца да дакладных навук; галіна мовазнаўства. Для С.л. характэрна асаблівая ўвага да структуры мовы як да сеткі адносін (проціпастаўленняў) паміж элементамі моўнай сістэмы (гл. Апазіцыя ў мовазнаўстве). Разглядаецца ў 2 кірунках мовазнаўства: асн. (агульная тэорыя навукі для лінгвістыкі — інфарматыка для лінгвістыкі) і прыкладным (лінгвістыка для агульнай тэорыі навукі — лінгвістыка для інфарматыкі). Лінгвістычныя універсаліі суадносяцца са знакавымі сістэмамі, генератыўнай лінгвістыкай, лінгвістычнай тыпалогіяй і інш.; матэматычныя методыкі — з інфарматыкай, аўтам. перакладам і інш.

Склалася ў 1920—30-я г. Пачалі яе Ф. дэ Сасюр (жэнеўская школа), М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон (Маскоўскі і Пражскі гурткі), Л.​Ельмслеў, В.​Брэндаль (капенгагенская школа). Уклад у С.л. зрабілі І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ, Е.​Курыловіч, А.​Марцінэ, Э.​Бенвеніст, Л.​Тэньер і інш.

На Беларусі ў галіне С.л. працавалі і працуюць А.​В.​Зубаў, Г.​П.​Кліменка, В.​У.​Мартынаў, А.​Я.​Міхневіч, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, А.​Я.​Супрун, Г.​А.​Цыхун і інш.

Літ.:

Апресян Ю.Д. Идеи и методы современной структурной лингвистики. М., 1966;

Мельчук И.А. Опыт теории лингвистических моделей «смысл ⇆ текст». М., 1974;

Шенк Р.К. Обработка концептуальной информации: Пер. с англ. М., 1980;

Мартынов В.В. Категории языка: Семиол. аспект. М., 1982;

Яго ж. Основы семантического кодирования: Опыт представления и преобразования знаний. Мн., 2001.

В.​У.​Мартынаў.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)